МО́ЎНЫ АПАРА́Т,

сукупнасць органаў цела чалавека з рознай фізіял. функцыяй, якія ўдзельнічаюць ва ўтварэнні гукаў мовы. Складаецца з 2 груп органаў: органы дыхання (лёгкія з бронхамі і трахеяй), якія ствараюць неабходны для ўтварэння гукаў струмень паветра; органы, якія непасрэдна ўдзельнічаюць у гукаўтварэнні, — актыўныя (рухомыя), здольныя змяняць аб’ём і форму маўленчага тракту і ствараць у ім перашкоды для выдыхаемага паветра, і пасіўныя (нерухомыя) — зубы, цвёрдае паднябенне, поласць носа. Актыўныя органы мовы: гартань — верхняя расшыраная частка трахеі, утвораная шэрагам рухомых храсткоў; галасавыя звязкі ў ёй — мускульныя тканкі, якія могуць мяняць сваю напружанасць, — крыніца голасу, іх ваганні ад выдыхнутага з лёгкіх паветра вызначаюць таксама мелодыку мовы; глотка, якая можа звужацца і расшырацца; язык, здольны выконваць разнастайныя рухі (дзякуючы рухомасці языка і ніжняй сківіцы ўтвараюцца рэзанатарныя поласці рознай формы і аб’ёму, якія вызначаюць фармантную структуру гукаў); губы, здольныя выконваць розныя артыкуляцыі; паднябенная занавеска з т.зв. маленькім язычком, ці увулай, якая пры падняцці закрывае ход у нос і адасабляе такім чынам поласць носа ад глоткі; пры апусканні яна пакідае праход у гэту поласць адкрытым. Усе актыўныя органы пры збліжэнні ці сутыкненні з пасіўнымі (або паміж сабою) утвараюць перашкоду для выдыхнутага паветра. У месцы перашкоды ўзнікае крыніца шуму, патрэбнага для вымаўлення зычных гукаў. Зубы і цвёрдае паднябенне з’яўляюцца толькі месцам дзеяння актыўных органаў. Поласць носа — рэзанатар пры ўтварэнні насавых гукаў.

Літ.:

Зиндер Л.Р. Обшая фонетика. Л., 1960;

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

т. 10, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)